ПО́ЛАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 у г. Полацк і Полацкім р-не пад кіраўніцтвам падп. Віцебскага абкома КП(б)Б і Полацкага райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 11 груп

(каля 160 чал.): 3 групы ў Полацку (кіраўнікі С.​Я.​Арцем’еў, П.​Ф.​Самародкаў, Я.​Х.​Сташкевіч, С.​В.​Сухавей),

у вёсках Домнікі (А.​М.​Філіпаў), Дрэтунь (М.​Д.​Свірыдзенка), Залессе (К.​М.​Макараў), Казімірова (Ф.​Дз.​Максімаў), Палата (П.​Ф.​Сташкевіч), Пруды (А.​Я.​Марчанка), Узніцы (П.​Я.​Кірыленка), Юравічы (Дз.​А.​Зублеў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, разведданыя, ратавалі сав. ваеннапалонных, перапраўлялі людзей у партызаны, праводзілі дыверсіі, у т. л. падарвалі нафтабазу і паравознае дэпо, знішчылі 2 паравозы і 4 вагоны. Група «Бясстрашныя» выратавала ад холаду і голаду дзяцей дзіцячага дома, пераправіла іх у Бельчыцы, потым у партыз. зону. Падпольшчыкі ў маі 1942 удзельнічалі ў стварэнні партыз. атрада, які ў чэрв. разгарнуўся ў 3-ю Бел. партыз. брыгаду. За час дзеяння загінулі 24 падпольшчыкі.

В.​А.​Касцюкова.

т. 12, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)